Сапраўдны дурань — «Беларускія народныя казкі».
Жылі тры браты: два разумныя, а трэці — дурань. Разумныя працавалі, вялі гаспадарку, а дурань да работы не меў ахвоты: ляжаў на печы, выграваў плечы.
Паехалі аднойчы разумныя браты араць, а жонкам сказалі:
— У поўдзень прынясіце нам абед.
Згатавалі жонкі абед і кажуць дурню:
— Чаго ты, гультаіна, прыліп да печы? Хоць бы ты абед занёс братам. Тыя, ні свет ні зара ўстаўшы, працуюць, а ты толькі бакі адлежваеш.
— Адчапіцеся! — адмахваецца дурань. — Нясіце самі.
Пабралі братавыя дзеркачы ды сілаю сагналі дурня з печы. Далі яму бохан хлеба, гаршчок капусты і гаршчок кашы ды выправілі ў поле.
Ідзе дурань, варон лічыць. Надакучыла лічыць варон, пачаў навокал азірацца. Бачыць — ідзе за ім яго цень. Дурань падумаў, што гэта злодзей крадзецца, хоча абед адабраць.
— Чаго ты прыстаў да мяне? — закрычаў дурань на цень. — Адчапіся! А то як смальну гаршком, дык табе і канцы будуць!
Пайшоў дурань далей. Азірнуўся — цень не адстае. «Трэба ўцякаць ад гэтага злодзея», — думае дурань. Кінуўся ён бегчы. Бег, бег, змарыўся. Паглядзеў назад, а злодзей тут… Узлаваўся дурань ды запусціў у цень гаршком з капустаю. А сам стаіць і глядзіць, што будзе. Цень таксама стаіць.
— Ага! — закрычаў дурань ад радасці. — Казаў табе: «Адчапіся, а то канцы зраблю!»
Пайшоў дурань далей. Цень зноў ідзе за ім.
— Ах, каб ты выхвараў — ты яшчэ жыў?! — закрычаў дурань. — Вось жа табе!
І запусціў у цень гаршком з кашаю. А сам пабег. Прабег трохі ды парашыў праверыць, ці забіў злодзея. Азірнуўся, а ён тут…
— Дык табе мала двух гаршкоў, нягоднік! На ж табе яшчэ ў прыдачу!
Размахнуўся дурань ды стукнуў злодзея боханам хлеба. А сам зноў пабег далей. Аж глядзіць праз нейкі час — і цень за ім бяжыць.
Бачыць дурань: жывучы злодзей трапіўся, нічым не заб’еш. Напужаўся ён, нарабіў крыку:
— Гвалт! Ратуйце!
Пачулі браты, прыбеглі на дапамогу.
— Чаго ты крычыш? — пытаюцца.
— Ды вось нейкі злодзей прычапіўся… Я яго і прасіў, і гаршкамі біў, — не адстае!
— Ах ты, дурань! — смяюцца браты. — Гэта ж твой цень, а не злодзей!
— А чаго ж ён бег за мною?
— Бо ты бег, дык і цень бег.
Палаялі браты дурня, што гаршкі пабіў, і пайшлі дамоў абедаць. А яму загадалі:
— Пасі коней, адганяй аваднёў.
Узяў дурань галінку і пачаў аваднёў адганяць. Згоніць іх, а яны зноў садзяцца.
— Пачакайце ж, праклятыя, — злуецца дурань, — я вам пакажу!
Высек ён дубінку. І як толькі сядзе авадзень на каня, дурань трах яго дубінкаю!
Біў, біў аваднёў і пазабіваў коней.
«Ну, гэта яны наеліся, — думае дурань, — і спаць палеглі. Адпачну і я трохі».
Вярнуліся браты. Пабудзілі дурня.
— Дзе коні? — пытаюцца.
— Ды вунь, у кустах, спяць.
— А ты аваднёў адганяў?
— А няўжо ж не! — адказвае дурань. — Як пазабіваў аваднёў, дык коні адразу супакоіліся і паснулі.
Пайшлі браты па коней, глядзяць, а тыя і ногі выпруцілі. Пабедавалі яны ды вярнуліся дахаты. Дома напалі на жонак:
— Навошта вы нам дурня паслалі? Ён жа і абеду не данёс і коней са свету звёў. Што мы цяпер рабіць будзем без коней?
Думалі, думалі браты, што ім рабіць, і парашылі ісці ў лес дровы секчы — грошы на коней зарабляць. Узялі з сабою і дурня: там ён шкоды не наробіць.
Браты сякуць добрыя дровы, а дурань да гнілога пня прычапіўся. Выкапаў пень, а пад ім цэлы кацёл грошай…
Убачылі разумныя браты кацёл грошай, зарадаваліся. Насыпалі поўныя кішэні, ды і палавіны не забралі.
— Ідзі ты, — кажуць дурню, — дахаты па мех. А мы тут застанёмся грошы вартаваць.
Выйшаў дурань з лесу і забыўся, па што яго браты паслалі. Вярнуўся назад і пытаецца:
— Браткі, па што вы мяне паслалі?
— Па мех! — кажуць браты. — А каб ты больш не забываўся, дык ідзі ды ўсё гавары: «Мех, мех…»
Ідзе дурань і мармыча сам сабе: «Мех, мех, мех…». У дарозе апанавалі яго сабакі. Дурань гудзе пад нос: «Мех, мех, мех…». А сабакі так і круцяцца каля ног, за лыткі хапаюць.
— Ах, каб вас ваўкі з’елі! — закрычаў дурань на сабак і кінуўся наўцёкі.
Уцёк сяк-так ад сабак ды зноў забыўся, па што ідзе. Вярнуўся назад:
— Браткі, па што вы мяне паслалі?
— Па мех, дурань ты!
— Гэта ж мяне, — кажа дурань, — сабакі апанавалі, дык я пачаў на іх крычаць і забыўся, па што ішоў.
— Дурань ты! — адказваюць браты. — Трэба было ўзяць палку ды таго-сяго па баках, таго-сяго па зубах… Не хадзіце, брахуны, па шляхах, не пужайце людзей!
Узяў дурань добрую палку і пайшоў па мех. Сустракае па дарозе папоў і дзякоў.
— Куды вядзе гэтая дарога? — пытаюцца папы і дзякі ў дурня.
А дурань у адказ:
— Сюды мех, туды мех і туды мех…
Папы і дзякі падумалі, што ён смяецца з іх. Накінуліся на дурня:
— Мы ж табе пакажам зараз і мех і смех!
А дурань як махне палкаю — таму па баках, таму па зубах…
— Не хадзіце, — крычыць, — брахуны, па шляхах, не пужайце людзей!
Паразганяў папоў і дзякоў ды зноў забыўся, па што ідзе. Вярнуўся назад:
— Браткі, па што вы мяне паслалі?
Бачаць браты, што з дурнем кашы не зварыш, плюнулі і пайшлі самі па мех.
Недарэмна ж кажуць: «Пашлі дурнога, а за ім другога».
Источник: https://vk.com/wall-109420523_9969