Салдат Іванька — «Беларускія народныя казкі».
Служыў салдат Іванька дваццаць пяць гадоў, выслужыў сіні білет і пайшоў дадому. І меў ён пры сабе толькі тры капейкі грошай. А быў гэты салдат добры па натуры: апошнім падзеліцца.
Вось ідзе ён, ідзе, ляціць насустрач жучок.
— Добры дзень, салдат!
— Добры дзень, жучок!
— Служыў ты, салдат, дваццаць пяць гадоў?
— Служыў.
— Выслужыў сіні білет і тры капейкі грошай?
— Выслужыў.
— Дай мне адну капейку! Я табе, як бяда будзе, у прыгодзе стану.
Добры салдат узяў і аддаў яму адну капейку. Жучок падхапіў капейку ды паляцеў сваёю дарогаю.
Ідзе салдат і думае: «Нічога, яшчэ ў мяне дзве капейкі засталося: за адну чарку выпʼю, а за другую махоркі куплю».
Толькі ён так падумаў, як бачыць — бяжыць мышка:
— Добры дзень, салдат!
— Добры дзень, мышка!
— Служыў ты, салдат, дваццаць пяць гадоў?
— Служыў.
— Выслужыў сіні білет і тры капейкі грошай?
— Выслужыў.
— Даў жучку капейку?
— Даў.
— Дай і мне адну капейку! Я табе, як бяда будзе, у прыгодзе стану.
Добры салдат даў і мышцы капейку. Мышка схапіла капейку ды пацягнула ў сваю норку. «Ну што ж, — думае салдат, ідучы далей, — піць не буду, куплю за апошнюю капейку махоркі і так дайду». Толькі ён гэта падумаў, як бачыць: паўзе рак з-пад мосціка:
— Добры дзень, салдат!
— Добры дзень, рак!
— Служыў ты дваццаць пяць гадоў?
— Служыў.
— Выслужыў сіні білет і тры капейкі грошай?
— Выслужыў.
— Дай мне адну капейку. Я табе, як бяда будзе, у прыгодзе стану.
Аддаў добры салдат і апошнюю капейку, а сам пайшоў далей.
Прыходзіць у вялікі горад. Бачыць: каля царскага палаца поўна народу. І ўсё багатыя — князі ды каралі, генералы ды гусары. Адны на дудках ды на скрыпках іграюць, другія вясёлыя песні спяваюць, трэція розныя фокусы паказваюць. Асабліва адзін нейкі каралевіч з пяром на капелюшы стараецца — усіх распіхвае, сам наперад ірвецца.
— Што тут такое? — пытаецца салдат Іванька ў царскага слугі.
— Ды вось, — адказвае слуга, — справа якая: ёсць у цара дачка адзіная, яна зроду яшчэ не смяялася, і ніхто не можа рассмяшыць яе. А цар абвясціў, што той, хто яе рассмяшыць, стане яе мужам.
Салдат падхрабрыўся, падкруціў вусы і пачаў прабірацца бліжэй да палаца. «Можа, — думае, — мне ўдасца яе рассмяшыць?»
— Куды ты, брудны салдат, прэшся? — закрычаў на яго каралевіч з пяром на капелюшы. — Тут без цябе жаніхоў хапае!
Схапіў ён яго за каўнер і піхнуў прэч. Салдат спатыкнуўся ды плюхнуўся ў брудную лужыну, — толькі што перад гэтым вялікі дождж прайшоў.
Устаў салдат мокры, запэцканы, шынялёк у гразі. «Вось дык прыгода! — думае. — Як жа цяпер высушыцца? Эх, каб тут жучок, мышка і рак былі, можа б, яны мне ў бядзе дапамаглі?»
Толькі ён так падумаў, як сталі перад ім жучок, мышка і рак.
— Ну што, — пытаюцца, — у цябе, салдат, за бяда?
— Ды так і так, — адказвае салдат.
— Скідай свой шынялёк!
Салдат скінуў. Жучок, мышка і рак падхапілі шынель і павалаклі на рэчку.
Убачыла гэта царская дачка з палаца — задзівілася: што за камедыя?
Памылі салдатавы памочнікі шынель і пацягнулі на бераг сушыць. Стаў рак на шыйцы, клешні ўгору падняў, а жучок з мышкай павесілі на клешні шынель. Рак не ўтрымаўся — паваліўся ў гразь разам з шынялём… Зноў пацягнулі яны шынель у рэчку мыць. Вымылі ды зноў на ракавых клешнях развесілі. Мышка выкручвае, а жучок вакол шыняля лятае, крыльцамі махае, вецер наганяе, каб хутчэй сох.
Царэўна глядзела, глядзела на ўсё гэта ды і засмяялася. Пайшла да бацькі і кажа:
— Ніхто ні з князёў, ні з каралёў, ні з генералаў не рассмяшыў мяне, а рассмяшыў просты салдат. За яго і пайду замуж.
Цар хоць і не рады, што яго зяцем будзе просты салдат, ды нічога не зробіш.
Стаў салдат мужам царскай дачкі, а жыць у палацы не хоча.
— Я да палацаў, — кажа, — не прывык: буду жыць у простай хаце. Ты мне, жонка, толькі салдацкіх харчоў сюды прысылай і махоркі паболей.
Пабудавалі яму простую хату ў царскім садзе, ён і застаўся там жыць. Жыве і бяды не знае.
Тым часам каралевіч з пяром на капелюшы сам стаў каралём, але ніяк не мог забыцца крыўды, што царская дачка выйшла замуж не за яго, а за простага салдата. Сабраў ён сваё войска і пайшоў на цара вайною.
Пасылае цар дачку па салдата — пара на вайну ехаць.
— Не, — кажа салдат жонцы, — на вайну я не паеду: я ўжо адслужыў сваё — у мяне сіні білет.
Заплакала жонка і сама паехала з бацькам на вайну, а салдат набіў у люльку цэлую васьмушку махоркі і так запыхкаў, што ўвесь царскі сад дымам завалакло. Выкурыў люльку і кажа сам сабе:
— Эх, каб былі тут жучок, мышка і рак! Яны б мне параілі, як таго караля зваяваць.
Тут як бачыш сталі перад ім жучок, мышка і рак:
— Што скажаш нам, добры салдат? Чаго клікаў?
— Ды вось хачу з вамі параіцца, як караля зваяваць.
— Добра, — кажуць тыя. — Мы табе паможам.
Мышка з ракам прынеслі з царскіх скляпоў меч-кладзянец, а жучок паляцеў у чыстае поле і прывёў багатырскага каня з сярэбранаю грываю.
Конь стукнуў перад салдатам капытом і кажа:
— Лезь, Іванька, мне ў правае вуха, праз левае вылезь.
Улез Іванька каню ў правае вуха, праз левае вылез і стаў такім малайцом-асілкам, што ні ў казцы сказаць, ні пяром апісаць.
— А цяпер садзіся на мянё, — кажа конь.
Сеў Іванька на багатырскага каня і паехаў на вайну. Прыязджае, бачыць: каралеўскае войска бʼе царскае войска.
Стукнуў Іванька шпорамі каня пад бакі і рынуўся ў гушчу каралеўскага войска. Як махне мячом-кладзянцом, дык па правы бок войска як мякіна сыплецца, па левы — як салома сцелецца. Цэлы дзень, ад ранку да вечара, ваяваў Іванька. Збіў-змалаціў ён варожае войска, падляцеў да караля, адсек яму рукі па самыя плечы і паехаў да цара. Цар, вядома, не пазнаў яго.
— Скажы, добры маладзец, — пытаецца цар, — хто ты будзеш — якога роду-звання?
Салдат нічога яму не адказаў.
— Чым жа цябе ўзнагародзіць за тваю храбрасць?
— Нічога мне не трэба, — кажа салдат, — толькі дай мне сваю царскую хустачку на памяць.
Цар даў яму сваю хустачку.
Прыехаў Іванька ў сад, улез каню ў левае вуха, праз правае вылез і стаў такім, як быў. Пусціў каня на волю, а сам пайшоў у сваю хату.
Вярнуліся цар з дачкою з вайны. Усюды ў трубы трубяць, скачуць, спяваюць: такая радасць усім!
Прыходзіць царская дачка да Іванькі.
— Эх, — кажа, — дарэмна ты не паехаў з намі! Хоць паглядзеў бы, што там было: колькі войска, колькі гармат! Ды не зваявалі б мы караля, каб не адзін бравы рыцар. Як наляцеў ён, дык усё каралеўскае войска збіў-змалаціў і самому каралю адсек рукі па самыя плечы. І хто ён — невядома. Вось каб гэта мой муж такім быў! А то не пашанцавала мне, беднай, на добрага мужа… Не муж у мяне, а недарэка!
— Ты, жонка, не лай мяне, а нясі хутчэй салдацкіх харчоў і махоркі, — кажа Іванька. Прынесла жонка харчоў і махоркі. Есць салдат свае харчы, курыць махорку.
Вылечыўся той бязрукі кароль ды зноў абвясціў, што ідзе вайною на цара і яго дачку. І не адзін, а з двума другімі каралямі ў хаўрусе.
Збіраецца цар на вайну, пасылае дачку па мужа.
— Ах, — кажа яна, — муж мой нарачоны, зноў ідзе на наша царства вялікае войска аж трох каралёў. А бацька мой стары ўжо — ваяваць не можа. Ці не паехаў бы ты за яго?
— Куды мне ехаць, — кажа салдат. — Я ўжо сваё адваяваў.
— А калі яны нашу зямлю заваююць, што мы тады рабіць будзем?
— Не заваююць! Той храбры рыцар паможа вам.
— Дык мы ж не ведаем, хто ён і дзе яго шукаць…
— Нічога, ён сам вас знойдзе.
Заплакала жонка і паехала са старым бацькам на вайну. А салдат паеў усе харчы, выкурыў усю махорку і кажа сам сабе:
— Вось каб цяпер тут мае памочнікі былі!
Толькі ён так сказаў, як зʼявіліся перад ім жучок, мышка і рак:
— Што скажаш нам, добры салдат?
— А вось хачу з вамі параіцца, як трох каралёў зваяваць.
— Добра, — кажуць салдатавы памочнікі. — Мы табе паможам.
Прыцягнулі мышка з ракам з царскіх скляпоў новы, у тры разы большы, меч-кладзянец, а жук паляцеў у чыстае поле, у зялёныя лугі і прывёў адтуль новага багатырскага каня з залатою грываю.
Конь тупнуў перад салдатам капытом і кажа:
— Лезь, Іванька, мне ў правае вуха, у левае вылезь.
Улез Іванька каню ў правае вуха, у левае вылез і стаў такім малайцом-асілкам, што ні ў казцы сказаць, ні пяром апісаць.
— А цяпер садзіся на мяне, — кажа конь, — паедзем каралеўскія войскі малаціць.
Сеў Іванька на багатырскага каня і паехаў на вайну. Прыязджае, а там каралеўскія войскі цара з дачкою акружылі і крычаць ім, каб у палон здаваліся.
Як урэзаўся Іванька ў варожае войска, як пачаў біць яго… Направа махне — войска як мякіна сыплецца, налева махне — як салома сцелецца. Каго сам сячэ, а каго конь капытамі топча…
Тры дні і тры ночы ваяваў Іванька. Збіў-змалаціў усё варожае войска, потым падляцеў да бязрукага караля і адсек яму галаву.
— Цяпер табе, паганец, больш на нашу зямлю не хадзіць! — кажа Іванька.
А два другія каралі ледзь жывыя ўцяклі. Падʼехаў Іванька да царскага шатра. Цар з радасцю сустрэў яго.
— Хто ты такі? — пытаецца цар. — Якога роду-звання?
Іванька нічога не адказаў.
— Чым жа цябе ўзнагародзіць, храбры рыцар?
— Нічога мне, — кажа Іванька, — не трэба — дай толькі на памяць залаты пярсцёнак тваёй дачкі.
Вельмі ж спадабаўся царскай дачцэ рыцар; яна і аддала яму свой залаты пярсцёнак.
Сеў Іванька на каня, ды толькі яго і бачылі. Прыехаў дамоў змораны, не змог нават каню ў левае вуха ўлезці, у правае вылезці, а як сноп зваліўся на траву ды заснуў багатырскім сном.
Спіць ён суткі, спіць другія, а конь пасецца ў садзе, бо гаспадар не паспеў яго ад сябе адпусціць.
На трэція суткі вярнуўся цар з вайны.
І тут такі баль пайшоў па ўсёй сталіцы! Музыка іграе, народ весяліцца.
Пайшла царская дачка ў сад да свайго мужа. «Можа, ён там ужо з голаду памёр?» — думае.
Уваходзіць у хату, глядзіць — нікога няма. Яна туды-сюды, аж бачыць: у садзе залатагрывы конь пасецца, а каля яго прыгожы рыцар спіць.
Падышла царэўна да рыцара і ўбачыла на яго руцэ свой залаты пярсцёнак, а з кішэні ражок бацькавай хустачкі тырчыць…
Пабудзіла царэўна рыцара.
— Хто ты будзеш, слаўны рыцар? — пытаецца.
— Як хто — муж твой, салдат Іванька! — адказвае рыцар.
Зарадавалася царэўна, што такім прыгожым стаў яе муж, узяла яго за руку, павяла да бацькі.
— Вось, — кажа, — тата, хто нас з бяды выбавіў: муж мой, радавы салдат Іванька!
І паказала бацьку свой залаты пярсцёнак і яго імянную царскую хустачку.
Ну, Іванька не стаў болей лезці багатырскаму каню ў левае вуха, а так і застаўся слаўным асілкам.
Кажуць, ён і цяпер жыве.
Источник: https://vk.com/wall-109420523_8453