Замыкай — «Беларускія народныя казкі».
Вёз чалавек у горад дровы прадаваць. Даганяе яго пан у брычцы.
— Гэй, мужык! — крычыць пан. — Прэч з дарогі!
Мужык пакінуў воз, сышоў з дарогі і кажа:
— Едзь, пане, хоць да д’ябла!
Пан падумаў, што мужык дурны, не зразумеў яго.
— Прэч з канём! — растлумачыў ён мужыку.
Мужык выпраг каня, звёў убок, а воз пакінуў на дарозе. Узлаваўся пан на мужыка:
— Прэч з возам, пся крэў!
— То так бы ты адразу і казаў! — усміхнуўся мужык.
Запрог ён каня і з’ехаў з дарогі.
Прыехаў пан у горад, пераначаваў, а назаўтра пайшоў на рынак шукаць аўса. Ходзіць па рынку ды распытваецца, хто прадае авёс. Падышоў і да таго чалавека, якога ўчора дагнаў на дарозе. Людзей на рынку многа, і пан яго не пазнаў.
— Ці не чуваць тут аўса? — пытаецца пан у мужыка.
— Аўса? — перапытаў мужык.
— Але, аўса.
— Пачакай, пане, — кажа мужык, — зараз даведаемся.
Узлез ён на воз і ветрыць носам. Панюхаў, панюхаў і адказвае:
— Не, пане, не чуваць…
Бачыць пан — жартуе з яго мужык.
— Ці не ўчарашні ты? — пытаецца пан.
— Бадай цябе, пане, качкі стапталі! — адказвае мужык. — Мне ўжо гадоў за сорак мінула, а ты кажаш — учарашні!
Пан злуецца:
— Чый ты, мужык?
— Мар’янін.
— А хто Мар’яна?
— Жонка мая.
— А хто ў вас старшы?
— Ёсць у нас, пане, адна бабка, Даміцэля, дык ёй ужо гадоў за сотню будзе: яна за ўсіх старэйшая.
Плюнуў пан:
— Я не аб тым цябе пытаю: каго вы слухаеце?
— А-а… То так бы і казаў! Ёсць у нас у вёсцы хлопчык гадоў васьмі ці дзевяці. Ён як пачне іграць на дудачцы, дык уся вёска збягаецца слухаць.
— Ды не! — тупае пан. — Я пытаюся, каго ты баішся?
— А-а… Ёсць у нашага Піліпа сучка паганая, дык мы ўсе яе баімся: хто каля Шліпавага двара ідзе, палку нясе.
— Вось жа бесталковы мужык! Я пытаюся, хто ў вас вышэй за ўсіх!
— А ёсць у нас, пане, мужык Аўдзей — ён за ўсіх вышэй.
Бачыць пан, што з мужыком не згаварыцца, пачаў у другіх дапытвацца, чый гэта мужык: якога пана.
Дапытаўся і паехаў да таго пана.
— Твой мужык з мяне жартуе, — скардзіцца ён пану.
Загадаў пан цівуну прывесці мужыка на допыт.
Павёў цівун мужыка ў панскія пакоі. Мужык ішоў ззаду за цівуном і не зачыніў за сабою дзверы. Пан убачыў гэта і закрычаў:
— Мужык, замыкай!
— Му-у! — замыкаў мужык на ўвесь пакой.
Пан аж за галаву хапіўся.
— Ну, бачыш, — кажа ён прыезджаму пану, — ён і з мяне жартуе! Што ж мне з ім рабіць?
— Даць розаг! — раіць пан-госць.
— Гэй, цівун, даць мужыку розаг! — загадаў пан.
Прынёс цівун пук розаг. Мужык узяў розгі ў цівуна з рук і пакланіўся панам:
— Дзякуй вам, паночкі, за розгі: яны мне ў гаспадарцы спатрэбяцца.
Паны так і аслупянелі — не маглі нічога адказаць мужыку. А той узяў розгі пад паху ды шусь за парог.
Источник: https://vk.com/wall-109420523_9262