Двое скупых — «Беларускія народныя казкі».
Прадаў цыган каня на рынку ды ішоў дадому, у свой цыганскі табар. Дзень быў халодны, ветраны. Так і працінае цыгана навылёт.
Едзе па дарозе барадаты балагол. Цыган да яго:
— Падвязі, баця.
— Далёка?
Цыган сказаў.
— А колькі за фурманку дасі?
— Дваццаць капеек.
— Не, — матае галавою балагол. — Мала. Давай рубля. У вас, цыганоў, грошай многа.
Таргаваліся, таргаваліся, сышліся на паўрублі.
— Толькі грошы наперад, — дамаўляецца балагол. — А то скруціш потым. Я вас, цыганоў, ведаю.
Даў яму цыган паўрубля і сеў на воз. Праехаў трохі, яшчэ халадней яму стала, як было.
— Гэй, баця, — кажа цыган, — вярні мне грыўню, я на грыўню прабягу з вярсту, а то зусім замёрз.
— Не, — кажа балагол. — Дагаварыліся — і справе канец. А хочаш прабегчы, то бяжы сабе на здароўе. Мне ўсё роўна, што з табою ехаць, што без цябе.
Не хочацца цыгану дарэмна бегчы: грошы ж за ўсю дарогу заплаціў. Праехаў ён яшчэ трохі ды зноў да вазака:
— То вярні хоць дзясятку.
— Не, не вярну.
Сядзіць цыган на возе, мерзне. Ужо як корч здубянеў. Зубамі ляскае.
— Вярні, баця, хоць капейку, — просіць цыган.
— Не. Дагавор даражэй за грошы.
Так і не спусціў скупы балагол цыгану ні капейкі. А скупы цыган так і не злез з воза да самага канца дарогі.
Прывёз яго балагол у табар і спіхнуў з воза, як калоду, бо сам цыган ужо і на нагах не стаяў.
Источник: https://vk.com/wall-109420523_10126