Татарка — Заклятыя Скарбы.
Відаць, і праўда тут, у лесе, жыла нейкая прышлая татарка. Нездарма тутэйшыя людзі называюць гэтую мясціну Татаркаю. Расказваюць таксама, што была яна не проста чарадзейкаю, а злою ведзьмаю і разбойніцаю.
Жыла татарка ў лесе пры дарозе. Ідзе непадалёку падарожнік — яна тут як тут. Выскачыць з гушчара, перапыніць і заб’е. Вельмі ж дужая была нягодніца! Адзін раз стукне — і няма чалавека. Доўга яна гаспадарыла, аж пакуль не наскочыла на бывалага жаўнера.
Так ужо здарылася, што мусіў ён ехаць каля татаркі. Добрыя людзі падказалі служываму, як разбойніца сустракае падарожнікаў, таму ён пайшоў на хітрасць. Зрабіў саламянае пудзіла, пасадзіў яго верхам на каня, а сам пайшоў назіркам пешкі. А стрэльбу зарадзіў срэбранаю куляю, бо звычайная куля, кажуць, нечысць не бярэ, толькі срэбранай яна баіцца.
Пачула татарка, што хтосьці едзе. Выскачыла, адным махам збіла з каня саламяны куль, падобны на чалавека, а жаўнер тым часам злажыўся як след і стрэліў у разбойніцу. Не прамахнуўся — пацэліў.
— Годзе мне жыць ды людзей губіць! — закрычала татарка.
А перад смерцю паказала разбойніца жаўнеру ўсе свае незлічоныя скарбы. Потым спынілася каля ўвахода у падзямельныя лёхі і проста на вачах у чалавека расцяклася чорнаю смалою, назаўсёды знікла у падзямеллі.
Але і пасля смерці вядзьмаркі злая сіла доўга не давала спакою людзям. Асабліва тым, хто ехаў ці ішоў сюдою ноччу. Абавязкова прычаплялася страхоцце.
Падарожнікі, каб адбіцца ад наслання, шпурлялі ў заклятае месца сукі і карчы. Яшчэ нядаўна, за нашай памяццю, тут ляжалі цэлыя горы ламачча, але нейкі чалавек адважыўся спаліць усю гэтую завалу.
Цяпер ліхое не заўсёды прывязваецца. Праўда, як адзін вяртаешся апоўначы, такі нагоніць страх, аж мурашкі сыпануць па спіне.
Источник: https://vk.com/wall-109420523_7955