Пан і казачнік — «Беларускія народныя казкі».
Адзін багаты пан вельмі любіў слухаць казкі. Бывала, хто яму што ні нахлусіць — ён з усім згаджаецца.
Захацелася таму пану паслухаць хоць адну казку, якой бы ён не паверыў. Абвясціў ён усюды: «Хто раскажа мне такую казку, каб я сказаў: «Ілжэш», таму дам талерку золата».
Знайшоўся адзін такі казачнік. Звалі яго Янка. Прыйшоў ён да пана:
— Стаў, пане, талерку золата, буду казку казаць!
Паставіў пан на падлозе талерку золата, а сам рассеўся ў крэсле і закурыў люльку з доўгім цыбуком.
— Ну, кажы. Толькі глядзі, каб замест золата розаг не дастаў…
Прысеў Янка на кукішках перад талеркай і пачаў казаць:
— Чаго, панок, на свеце не бывае. Вось якая аднойчы са мною прыгода трапілася. Было гэта тады, калі мой бацька яшчэ і на свет не радзіўся. Жыў я з дзедам. Рабіць дома няма чаго, дык дзед аддаў мяне да аднаго гаспадара пчол пасвіць. А было ў таго гаспадара аж пяцьдзесят раёў пчол. Кожнага дня раніцай трэба ўсіх пчол пералічыць, ды на пашу гнаць. А ўвечары прыгнаць, зноў пералічыць, падаіць і ў вуллі пазаганяць. Бо гаспадар мне цвёрда сказаў: «Калі хоць адну пчалу згубіш, то не заплачу табе за цэлы год». Вось якая гэта нялёгкая работа была!
— Усё можа быць, — згаджаецца пан.
Зірнуў Янка на талерку золата ды кажа далей:
— Аднаго разу прыгнаў я пчол з пашы, пералічыў: няма адной пчалы… Бацейкі! Бяда будзе! Я бягом назад — пчалу шукаць. А ўжо і змяркацца пачало. Пабегаў туды-сюды — няма пчалы. Аж раптам чую: недзе пчала раве. Я туды. Гляджу, а там, за ракою, сем ваўкоў апанавалі маю пчалу. Яна ж, небарака, адбіваецца ад іх з усяе сілы, не здаецца ваўкам.
Кінуўся я пчале на дапамогу. Прыбег да ракі — перавозу няма. Што рабіць? А тут вось-вось ваўкі пчалу разарвуць. Я гэта, доўга не думаючы, схапіў сябе за чуб, разгайдаўся ды — гоп цераз раку! Але не даляцеў да другога берага — пляснуўся проста пасярод ракі. І як камень пайшоў на дно. Ачухаўся сяк-так, пачаў дарогу шукаць, каб наверх выйсці. А тут, як на ліха, на дне ракі нехта агню наклаў ды такога куродыму нарабіў, што дым вочы выядае, нават рыба чмыхае насамі. І дарогі з-за куродыму не відаць. Іду гэта я вобмацкам, аж бачу: мядзведзь стаіць. Хацеў я ўхапіць яго за хвост, ды ён да мяне галавою павярнуўся. Я гэта засунуў яму руку ў горла, дабраўся да хваста і ўхапіўся за яго. Мядзведзь напужаўся ды як ірванецца наверх — так і выцягнуў мяне. Сам пабег з перапуду ў лес, а я застаўся на беразе, ды не на тым, што трэба. Тут я зноў ухапіў сябе за чуб, разгайдаўся яшчэ мацней, чым першы раз, і — гоп на другі бераг!
— Свет вялік, — кажа пан, — можа, і праўда.
— Праўда то праўда, пане, хоць і шчарбатая. Ну, дык вось. Пераскочыў я на другі бераг, але з разгону як грымнуўся аб зямлю, дык па пояс і ўвяз. Я і туды, і сюды — не вылезці. Без рыдлёўкі, думаю, нічога не зробіш. Пабег дадому, схапіў рыдлёўку ды назад. Адкапаў сябе ды бягу пчале на дапамогу. Прыбег, адагнаў ваўкоў, а пчала ўжо і ногі выпруціла: задушылі яе ваўкі, пакуль я бегаў туды-сюды. Што ж рабіць? Накрыў я пчалу галінкаю, каб ваўкі не зʼелі, а сам пайшоў да гаспадара. «Бяда, — кажу, — здарылася». «Што за бяда?» — пытаецца гаспадар. «Ваўкі пчалу задушылі…» Як узлуецца гаспадар, як затупае на мяне: «Цяпер табе за год работы ні гроша не дам!» Маўчу я. Вінаваты. Гаспадар пазлаваўся ды пытаецца: «А ваўкі яшчэ не зʼелі пчалу?» — «Не», — кажу. «Ну то добра, што хоць пчала цэлая. Паедзем забяром». Запрэглі мы дзве пары валоў — паехалі. На лузе абялілі пчалу, пасеклі на кавалкі ды прывезлі мяса дамоў. Дома пасалілі — аж дванаццаць кадушак насалілі! Цэлы год тое мяса елі.
— Свет вялік, — кажа пан, — можа, і праўда.
— Ну, а як скончыўся год, гаспадар выгнаў мяне і ні гроша не даў. Толькі выпрасіў я ў яго кавалак воску. Зляпіў я з воску кабылку, сеў і паехаў да дзеда, бо бацькі ў мяне ўсё яшчэ не было. Еду, еду — прыехаў у лес. А тут і есці захацелася. Панюхаў носам — чую: на хвойцы печаным пахне. Падʼехаў я да хвойкі, аж там, у дупле, печаныя дзятлы пішчаць. Ну, голад не цётка. Палез я ў дупло па дзятлаў. Лезу рукою — не ўлез, лезу нагою — не ўлез, лезу галавою — не ўлез, кінуўся ўсім тулавам — улез. Наеўся дзятлаў колькі хацеў, ды назад. Лезу рукою — не вылез, лезу нагою — не вылез, лезу галавою — не вылез, усім тулавам кінуўся — таксама не вылез. Успомніў я, што ў гаспадара за лаваю сякерка тарчыць. Пабег, узяў сякерку, прасек у дупле большую дзірку і вылез.
— Свет вялік, — кажа пан, — можа, і праўда.
— Вылез я, сеў на кабылку, сякерку за пояс заткнуў і далей еду. А сякерка цюк ды цюк, цюк ды цюк… Раптам кабылка стала і ні з месца. Азірнуўся я — палавіны кабылкі няма: адсекла яе сякерка! Бадай цябе ліха!
Выразаў я ракітавы дубец, сшыў кабылку ды зноў еду. А ракіта як расці ды расці — вырасла да неба. Ну, думаю, палезу на неба, пагляджу, што там робіцца.
Пан перастаў пыхкаць люлькай:
— І што ж ты там бачыў на небе?
— Шмат чаго, пане, бачыў. Іду гэта па небе, аж у адной хаце святыя вечарынку спраўляюць: пʼюць, гуляюць, вясёлыя песні спяваюць. Хацелася мне зайсці да іх, але ж не, думаю: з пʼянымі лепш не чапайся, а то яшчэ грымакоў надаюць. Іду далей. У другой хаце святы Мікола храпе пад сталом як пшаніцу прадаўшы. Відаць, добра гарэлкі нажлукціўся.
— Свет вялік, можа, і праўда, — кажа пан.
— Дзіва што праўда! Я ж на свае вочы бачыў. Заглянуў я да Міколы, думаў, можа, пажыўлюся чым. Ды дзе там! Бутэлькі на стале пустыя, хлеба ні крошкі. Пакруціўся я, бачу: валяецца каля гаспадара залатая шапка. Вазьму, думаю, хоць Міколаву шапку. Зайду дзе па дарозе ў карчму, мяне за яе і накормяць. Узяў шапку ды назад. Тым часам Мікола прачнуўся, пачаў шукаць шапку. А яе няма. Нарабіў ён крыку, зыку… Трэба дадому ўцякаць, думаю, бо як зловяць — бяды не мінеш. А тут ніяк не знайду таго месца, дзе ракіта на кабылцы расце. Я і туды, і сюды — няма ракіты. Аж бачу: у гумне святыя грэчку веюць, мякіна так і рассыпаецца па ўсім небе. Я гэта давай яе лавіць ды вяроўку віць. Звіў, прывязаў адным канцом да неба і пачаў спускацца на зямлю. Спусціўся да канца вяроўкі, а зямлі ўсё не відаць. Добра яшчэ, што пры мне сякерка была. Я гэта адсяку канец вяроўкі, знізу падтачу ды спускаюся далей.
— Свет вялік, — кажа пан, — можа, і праўда.
— Тачыў гэтак, тачыў ды не агледзеўся, як прамінуў зямлю і апынуўся ў пекле. Іду гэта я па пекле, разглядаю, як там і што. Аж бачу… панаў бацька-нябожчык — худы, босы, абшарпаны — свіней пасе.
Пан вылупіў вочы, люлька выпала з зубоў.
— Ілжэш, хаме! — закрычаў ён. — Не можа таго быць, каб мой бацька свіней пасвіў!
А Янка цап за талерку з золатам ды за дзверы!
Источник: https://vk.com/wall-109420523_8920