Адкуль Нясвіж — Беларускія легенды і паданні.
Нясвіж стаіць ужо больш за сем з паловай вякоў. Заснаваў яго князь з роду Рурыкавічаў. А адкуль пайшла назва горада, людзі расказваюць так. Як вядома, любімымі заняткамі князёў у вольны час былі паляванне і розныя там забавы.
1. Навокал княжага замка некалі далёка прасціраліся дрымучыя лясы ды непраходныя балоты. Аднойчы князь разам са сваёй чэляддзю паляваў на мядзведзяў. Адзін звер быў паранены, але ўцёк у гушчар лесу. Праз колькі дзён князь зноў быў на паляванні ў тым баку. Адзін з яго стральцоў знайшоў ужо мёртвага мядзведзя. Князь пад’ехаў да яго, агледзеў ды і кажа: «Ня свеж». Вось і пачалі тое месца называць Нясвіж.
2. На тым самым месцы, дзе цяпер стаіць Нясвіж, было некалі старажытнае паселішча. Але аднойчы тут здарылася няшчасце: паселішча правалілася пад землю. На яго месцы засталіся толькі ўзгоркі ды руіны. Невядома, колькі часу прайшло пасля таго, як тут зноў пасяліліся людзі. Але паколькі месца гэтае было «не свежае» ( бо тут некалі жылі людзі ), дык яго і назвалі Нясвіж.
Источник: https://be.wikisource.org