Белая Баба (Смерць).
Белая Баба – у беларускай міфалогіі персаніфікацыя смерці.
З’яўлялася да людзей, прадказваючы хуткую смерць, ці нават у сам момант назвітання з жыццём. Лічылася маткаю грахоў, таму жыве ў Пекле, і адтуль яе пасылае па людскія душы галоўны дэман – Люцыпар. Паводле іншых крыніц, Белую Бабу накіроўвае да людзей сам Бог.
У адных мясцінах яе апісвалі як маладую жанчыну ростам вышэй за лясныя дрэвы, у вогненым вянку, з акрываўленай хусткай у руцэ. Дзе яна ступала, там вырасталі свежыя могілкі. У які бок памахала хусткаю – там пусцелі сёлы і гарады. У якое акно прасоўвала руку – там не заставалася ніводнай жывой душы.
У іншых мясцінах яе ўяўлялі бледнай схуднелай жанчынай, загорнутай у белы саван ці ў адзенне, падобнае да шлюбнага. Паўстае перад чалавекам нечакана, слупам вырастаючы з зямлі, і адкідвае вэлюм, за якім адкрываецца твар жанчыны-нябожчыка з заплюшчанымі вачыма. Чалавеку гэтая сустрэча прадказвае хуткую смерць.
У іншых апавяданнях Смерць – худая баба з вялікімі зубамі і састлелым тварам нябожчыка. Нярэдка ўяўлялася ў выглядзе шкілета. Тым, каму прыйшоў час паміраць, Смерць праводзіла касою па горле, але незаўважна, каб нават слядоў не засталося. Будучы нябачнай, Смерць можа душыць чалавека ці стаяць у яго над галавою: калі ў рот яму трапляе кропля крыві з яе касы, ён памірае.
Смерць па звычаю прыходзіць перад усходам сонца, у гадзіны, кратныя тром: а 9-й, а 12-й, а 3-й, а 6-й і г.д. Каб Белая Баба не увайшла ў хату і не прынесла няшчасце, пад ганкам закопвалі кабіліную калаву, вешалі касу над варотамі ці на верхнім вушаку дзвярэй, прыбівалі да парога падкову, утыкалі над трамай галінку ядлаўца.
Згадваецца таксама нейкая вандроўніца ў белым, са свечкай у руцэ, якая з’яўляецца перад падарожнікам і прадказвае будучыню. Магчыма, вобраз звязаны з Белай Бабай.